Барометр палітычных могілак

«Вайскоўцы… маюць права прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецыяльную тэхніку, ужываць і выкарыстоўваць зброю…» цяпер вось так. Падпісаны 1 лютага Указ № 37 дазваляе вайскоўцам забіваць мірных грамадзянаў. Вядома, з улікам актуальнай абстаноўкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

І тут нармальны грамадзянін спытае: «А што, раней хіба нельга было?» Паводле закону – нельга. Было. Але тое, вядома, паводле закону. Раней.

Хто ж з сённяшніх «воінаў», якія змагаюцца з беларускімі грамадзянамі, арыентуецца на гэты… ну як яго?.. На закон. Які закон перашкодзіў забіць Захаранку? Ганчара? Тарайкоўскага, Бандарэнку ці Алеся Пушкіна? Не знайшлося такога закону. Тады навошта? Тым больш цяпер.

Ну, па-першае, адказны супрацоўнік, які беспасярэдне націснуў на курок або які забіў да смерці бяззбройнага чалавека, і раней ведаў, што ніхто яго не будзе караць, што свае прыкрыюць, але маленькі люфт на збой сістэмы заўсёды заставаўся. А значыць, такое «забойства па паняццях» усё ж такі несла рызыку. І вось, каб супрацоўніку было спакайней, і падпісалі гэтую паперку. Маўляў, глядзіце, цяпер мы вас не проста схаваем ад правасуддзя, а, хутчэй за ўсё, нават узнагародзім.

І, па-другое, спецслужбы, да смерці напалоханыя падзеямі 2020-га і выдатна сабе ўяўляюць рэальнае стаўленне суграмадзянаў да ўлады, рыхтуюцца да паўтарэння тых жа падзеяў. Да адбіцця «масавай агрэсіі» бяззбройных грамадзянаў. У тым ліку са стралянінай і забойствамі.

«Генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны» – цытата вялікага Чэрчыла вельмі трапна апісвае тое, што адбываецца. Ці можна чакаць такіх выступаў? Тэарэтычна, магчыма ўсё, але ўявіць, што нехта з прапушчаных праз сіта спецыфічнага кваліфікацыйнага адбору беларускіх «кандыдатаў на дэпутацтва» сёння пачне так узбуджаць выбарнікаў, што ім захочацца падставіць свае галовы пад кулі за ідэі… у гэтым месцы вельмі цяжка ўставіць нешта асэнсаванае.

За якія ідэі будуць біцца між сабою да 25 лютага прадстаўнікі чатырох дазволеных партыяў і шчыльная група прадстаўнікоў працоўных калектываў, што далучылася да іх? Там нічога не будзе пра свабоду слова, палітвязняў, спыненне вайны і ўмовы для бізнесу. А будзе пра шчырую любоў да дыктатуры, якая дэградуе.

Дык за каго ж людзі павінны выйсці на вуліцу? За кіроўную 30 гадоў аграманархію з усімі прыкметамі лацінаамерыканскіх дыктатураў 1980-х гадоў? За яе прынята сядзець удома з улучаным тэлевізарам.

Пагатоў у цяперашняй выбарчай кампаніі (выбары ў Нацыянальны сход) тым, хто галасуе, надта спрасцілі выбар. Гэта пяць гадоў таму ў нас быў разгул вольніцы – больш за пяць чалавек на месца. Сёння ўсё значна больш сціпла – 2,4 чалавека. Больш за тое, з’явіліся цалкам савецкія ўчасткі, дзе на цёплае месца дэпутата нацыянальнага парламенту, які кіруе лёсамі радзімы, прэтэндуе роўна адзін кандыдат! Гэта значыць усё вельмі проста: прыйшоў на ўчастак, прыкупіў недарагіх прадуктаў (накаціў грамаў 50), паслухаў мастацкую самадзейнасць, паставіў птушачку насупраць адзінага прозвішча і вярнуўся задаволены да ўлюбёнай канапы. З улікам апошніх зменаў у выбарчае заканадаўства можна быць упэўненым што прапанаваны «партыяй і ўрадам» кандыдат паспяхова станецца дэпутатам. Цяпер у нас няма ніякіх прахадных бар’ераў, і такому монакандыдату дастаткова набраць палову галасоў тых, хто дабраўся да выбарчых участкаў.

Ці можна ўявіць навалу людзей, у якіх неабходна будзе страляць, каля такіх участкаў? Наўрад ці. Як і ў любых іншых. Зачышчаная прастора. Палітычныя могілкі стварыліся там, дзе раней шумеў лес. Таму ў найбліжэйшай будучыні страляніны не прадбачыцца. І ставіцца да прынятага ўказу неабходна не як да заканадаўчага акту, у гэтым сэнсе ён зусім не працуе. Ставіцца да яго трэба як да паказніка барометра.

Гэта адлюстраванне ўзроўню страху ў сістэме. Няма там спакою, даверу да насельніцтва, упэўненасці ў заўтрашнім дні. І вось, каб ледзь супакоіць начальства, і патрэбныя такія ўказы. Маўляў, не турбуйцеся, ваша высокаблагароддзе, спіце спакойна: калі што, мы іх пастраляем.

Не думаю, што ад гэтага спіцца лягчэй. Дый, як вучыць гісторыя, калі даходзіць да справы, ніякія законы, пастановы і ўказы не здольныя спыніць наступу Вясны і Свабоды.

Стужка навінаў